Беларускія ўлады ў адказ абмяжоўваюць польскую дыпламатычную прысутнасць у Беларусі, Лукашэнка абражае польскае кіраўніцтва. Ці можа дайсці да поўнай замарозкі ці нават разрыву адносін?
Са жніўня 2020 года Польшча стала для Лукашэнкі адным з галоўных ворагаў, у першую чаргу за непрызнанне яго «перамогі» на сфальсіфікаваных выбарах ды падтрымку апазіцыйных дэмакратычных сіл. Беларускі ўзурпатар называў Польшчу «гіенай Еўропы», не раз пагражаў Варшаве санкцыямі, сцягваў войскі да польскай мяжы, ладзіў штурмы нелегальных мігрантаў на мяжы, як і пастаянныя пастаўкі кантрабандных тавараў.
У Беларусі рэжым пачаў зносяць помнікі ды могілкі жаўнераў Арміі Краёвай, дзяржаўныя чыноўнікі абвінавачваюць Польшчу ў ваенных злачынствах нібыта падчас ІІ Сусветнай вайны, гучаць заявы аб тым, што з Польшчы трэба запатрабаваць рэпарацыі, не спыняюцца атакі на беларускіх уладальнікаў карты паляка ды на польскую меншасць.
Гэтая палітыка лукашыстаў прывяла да таго, што Варшава пачала зачыняць мяжу з Беларуссю для транспартных зносінаў. Восенню 2021 польскі бок зачыніў памежны пераход «Кузніца – Брузгі» у адказ на штучна створаны ўладамі Беларусі міграцыйны крызіс. 10 лютага бягучага году Польшча зачыніла пераход «Баброўнікі – Бераставіца». Афіцыйна «з прычын бяспекі», паводле слоў польскіх палітыкаў – гэта была рэакцыя на расправу з актывістам Саюзам палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам, якога на загаду Лукашэнкі кінулі на 8 год у турму.
У адказ Лукашэнка загаласіў пра неабходнасць адэкватных ды сіметрычных адказаў, пахваліўшыся, што ў яго хапае вагароў. Найбольш адэкватным беларускаму рэжыму падалося выдаліць з Беларусі двух польскіх консулаў з Гродна ды сувязнога Памежнай службы. Інтэнсіфікаваліся нелегальныя пераходы мяжы з беларускага боку. Польская Памежная ахова за люты зафіксавала 800 парушэнняў, тады як за цэлы 2022 года было 588 выпадкаў.
Польскі бок увёў абмежаванні для грузавога руху на памежным пераходзе «Кукурыкі – Казловічы». Пераезд фармальна не спынены, але Польшча абмежавала рух беларускіх цяжкавікоў. Беларусь увяла абмежаванні для польскіх як на Казловічах, так і на пераходах з Літвой.
Якія магчымыя далейшыя варыянты адносін, будзе далейшае абвастрэнне? Пра гэта мы пагаварылі з палітолагам Веранікай Лапуцькай.
- Вельмі складана прагназаваць крокі «нелагічнага дыктатара», як пачалі называць Лукашэнку. Што тычыцца польскага боку, на маю думку, патрэбна больш кансультацый з беларускімі асяродкамі. Тут важна знайсці разумны кампраміс. Таму што закрыццё мяжы моцна ўдарыла па звычайных беларусах, па тых хто маюць бізнес звязаны з Польшчай, па гандлярах. Хаця сярод беларусаў ёсць і перакананне, што варта больш ціснуць на Лукашэнку. Людзі гатовыя пакутаваць, гатовыя на ахвяры, каб зашкодзіць рэжыму. Аднак, тут патрэбны разумны кампраміс, бо эканамічная сітуацыя ў Беларусі значна пагоршылася. Варта не пакінуць людзей у вельмі цяжкім становішчы.
Гэта сацыяльныя кошты дадзенага абвастрэння, а што з палітычнага боку?
- Я думаю, што ўсё вельмі блізкія да поўнага замарожвання адносін. Польскі бок тут вельмі прынцыповы і мае на гэта маральнае права.
Польскія кіроўныя колы давалі сігналы рэжыму, што транспартная ізаляцыя спыніцца, калі лукашысты спыняць рэпрэсіі супраць польскай меншасці? Ці рэжым здольны на такі крок дзеля транзіту?
- Гэта будзе залежыць ад таго, што Лукашэнку скажа Крэмль. Я ўпэўненая, што ён больш не самастойны ў знешнепалітычных пытаннях, а любыя паслабленні цяпер негатыўна тым успрымаюцца ў рамках шырокага супрацьстаяння з Захадам. Транзіт важны для Лукашэнкі, гэта і элемент абыходжання санкцый, шлях кантрабанды. Лукашэнка будзе выкручвацца, але ён у цяжкім становішчы, бо Масква дамінуе.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч